СТАЎБЦО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1921—40 у Навагрудскім ваяв. Польшчы, у 1939—40 у БССР Цэнтр — мяст. Стоўбцы. Утвораны ў канцы 1920 на частцы тэр. б. Мінскага пав., акупіраванай польск. войскамі Уключаў 7 гмін: Засульскую, Заслаўскую, Івянецкую, Пяршайскую, Ракаўскую, Свержанскую, Стаўбцоўскую. З 4.2.1921 у Навагрудскім ваяв. У 1923 уключаў 8 гмін: Валмянскую, Засульскую, Івянецкую, Навасвержанскую, Пяршайскую, Ракаўскую, Рубяжэвіцкую, Стаўбцоўскую. 13.1.1926 Валмянская, Івянецкая і Пяршайская гміны перададзены ў Валожынскі пав.; да С.п. далучаны Дзераўноўская, Жухавіцкая, Мірская, Ярэміцкая, 20.5.1930 Налібоцкая гміны з суседніх паветаў. У вер. 1939 павет заняты Чырв. Арміяй, з 14.11.1939 у БССР, з 4 снеж. ў Баранавіцкай вобл. 15.1.1940 С.п. скасаваны, яго тэрыторыя падзелена паміж Івянецкім, Мірскім і Стаўбцоўскім р-намі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)